Двое падлеткаў у Дзяржынску ўзялі чужы мікрааўтобус пакатацца. Праехалі толькі 200 метраў

08.02.2021 / 15:11

Здарэнне адбылося ў канцы студзеня. 14-гадовы жыхар Стоўбцаў на пару з 15-гадовым хлопцам з Карэліцкага раёна прыехалі ў Дзяржынск. Там павінна была адбыцца сустрэча з мясцовымі хлопцамі, з якімі яны пазнаёміліся ў сетцы, паведамляе прэс—служба МУС.

Па дарозе госці горада пачалі тузаць ручкі аўтамабіляў у надзеі знайсці адкрыты. Адчыніўся грузавы «Мэрсэдэс», прыпаркаваны каля будаўнічай крамы. У замку знаходзіўся ключ.

Далёка з'ехаць не ўдалося: праз 200 м машына заглухла. Калі школьнікі выйшлі з салона, іх паклікаў ўладальнік таго самага маркета, каля якога стаяла машына. Ён пачуў, як аўто заводзяць, і выйшаў на вуліцу.

Уся чацвёрка кінулася ўцякаць (да таго часу да месца здарэння падышлі астатнія ўдзельнікі сустрэчы). Мужчына запомніў прыкметы мясцовага жыхара, праз якога ўдалося выйсці на падазраваных. Падлеткаў затрымалі.