Узбекістан за два гады цалкам пяройдзе на лацінку

Ва Узбекістане з 1 студзеня 2023 года ва ўсіх арганізацыях будзе ўведзена практыка выкарыстання ўзбекскага алфавіта на лацінскай графіцы пры распрацоўцы, прыняцці і публікацыі справаводных і іншых дакументаў.

12.02.2021 / 14:20

Паводле звестак Мінюста, 10 лютага была прынята пастанова ўрада № 61 па гэтым пытанні. Акрамя таго, зацверджана «дарожная карта» паступовага пераходу да ўзбекскага алфавіта на аснове лацінкі, паведамляе Радыё Азадлык.

Дакументам прадугледжана распрацоўка праектаў нарматыўна-прававых актаў аб поўным пераходзе на узбекскі алфавіт, заснаваны на лацінцы, а таксама аб зацвярджэнні новай рэдакцыі правіл правапісу узбекскай мовы.

Згодна з пастановай, праект пастановы ўрада аб зацвярджэнні «правілаў арфаграфіі ўзбекскай мовы» будзе распрацаваны на аснове новай рэдакцыі ўзбекскага алфавіта на лацінцы.

«Дарожнай картай» таксама намечаны поўны перавод на удасканалены алфавіт на лацінскай графіцы афіцыйных вэб-сайтаў, дакументаў, ID-карт, працоўных папер і розных бланкаў, назваў месцаў, вуліц, найменняў, назваў арганізацый, шыльдаў, сродкі масавай агітацыі, рэкламы і аб'яў.

Акрамя таго, усе цэнтральныя і мясцовыя СМІ, сайты, выдавецтвы, друкарскія прадпрыемствы павінны будуць цалкам перайсці на лацінку.