«Каб мы і наша Бацькаўшчына вылечыліся ад грамадска-палітычнай праказы»: арцыбіскуп Кандрусевіч адкрыў дошку Дамелю

14 лютага ў мінскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа, што на Кальварыйскіх могілках, Ганаровы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч блаславіў памятную дошку беларускаму мастаку пачатку ХІХ ст. Яну Дамелю, паведамляе catholic.by.

15.02.2021 / 08:55

Ян Дамель быў пахаваны ў крыпце яшчэ недабудаванага касцёла Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках у Мінску.

«Над магілай мастака ў цэнтральным алтары касцёла быў змешчаны абраз «Маленне аб чашы», які лічыцца найлепшым яго творам. Гэтае палатно стала своеасаблівым помнікам мастаку і замяніла яму надмагілле», — сцвердзіў іерарх.

Пры гэтым мітрапаліт звярнуў увагу на небяспечную духоўную і грамадска-палітычную праказу сучаснага свету: «Гэта праказа матэрыялістычнага атэізму, нязгоднага з Божым законам сэксуальнага жыцця, гневу, нянавісці, сацыяльнай несправядлівасці, гвалту, тэрарызму, вайны».

Як падкрэсліў іерарх, «Касцёл, паводле свайго сацыяльнага вучэння, абавязаны выказвацца адносна пытанняў маральнасці, бараніць пакрыўджаных і дапамагаць у вырашэнні праблем, з якімі сутыкаецца грамадства».

«Аднак заклік Касцёла і іншых рэлігійных супольнасцяў да малітвы, пакаяння і дыялогу ігнаруецца, — працягваў мітрапаліт Кандрусевіч. — Гэта не дазваляе Езусу вылечыць хваробу грамадскай праказы».

Таму, як адзначыў арцыпастыр, актуальнымі з’яўляюцца словы Святога Айца Францішка, прамоўленыя 8 лютага падчас аўдыенцыі для дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе:

«Палітычны крызіс у свеце ўзмоцніўся з прычыны павышэння ўзроўню палітычных супярэчнасцяў і адсутнасці супольнага пошуку вырашэння праблем, што закранаюць планету».

«Няхай сённяшняе Божае слова і мастацкая творчасць Яна Дамеля дапамагаюць нам імкнуцца да духоўнай прыгажосці, каб мы і наша Бацькаўшчына вылечыліся ад грэшнай і грамадска-палітычнай праказы з мэтай будавання жаданага міру і супакою»,— заключыў мітрапаліт Кандрусевіч.