15-гадовы стваральнік тэлеграм-канала пра сілавікоў расказаў, як асвойваецца за мяжой

10.03.2021 / 18:54

У сьнежні міліцыя заявіла, што злавіла адміністратара тэлеграм-каналу «Каратели Беларуси». Ім аказаўся 15-гадовы жыхар Любані (Менская вобласьць) Іван. Падлетку пагражала спэцшкола, таму ён зьехаў зь Беларусі. Пра тое, як гэта адбывалася, ён расказаў Свабодзе.

15-гадовы Іван цяпер асвойваецца за мяжой. Дагэтуль не адышоў ад стрэсу, таму ня хоча фатаграфавацца. Ён пакуль не адчувае сябе ў поўнай бясьпецы і не расказвае, хто яму дапамог уцячы і як гэта адбылося.

Па інфармацыі МУС, падлетак зрабіў клон каналу «Каратели Беларуси» і публікаваў там дадзеныя пра міліцыянтаў.

«Канфідэнцыйныя зьвесткі прадстаўляліся карыстальнікамі і браліся зь іншых каналаў. Апэратыўнікі вызначылі, што хлопец адміністраваў і іншыя дэструктыўныя рэсурсы», — напісала ведамства.

Затрыманы падлетак прызнаваўся на камэру, што ў тэлеграм-канале заклікаў да радыкальных дзеяньняў.

Цяпер Іван за мяжой. Плянуе вучыцца ў іншай краіне. Кажа, што яму цяжка ўзгадваць тыя падзеі, сьняцца кашмары.

«Я назіраў за жнівеньскімі падзеямі, хацеў неяк падтрымаць людзей. Але што я мог у свае 15, ды яшчэ ў Любані? На тэлеграм-канале, які цяпер нельга называць, я ўбачыў спасылку на канал «Каратели Беларуси», мне ён спадабаўся, і я вырашыў яго скапіраваць. Потым я цалкам пераймаў яго», — кажа Іван.

Ён лічыць, што «дэанон» — гэта мэтад негвалтоўнага супраціву, які адпавядае мірнаму характару пратэстаў у Беларусі.

«Сілавікоў проста падвяргаюць грамадзкаму ганьбаваньню праз «дэанон». І гэта проста псыхалягічная зброя, каб стрымліваць сілавікоў у будучыні. У дзяржавы — зброя, вадамёты, арышты, штрафы і гвалт. А мне што рабіць? Забясьпечаная дзяржавай ананімнасьць дазваляе міліцыянтам праяўляць жорсткасьць, якая ня мае нічога агульнага з законам, прымяняць гвалт да нязгодных», — тлумачыць падлетак.

Іван кажа, што на момант затрыманьня ён быў адлічаны зь ліцэю, яго папярэджвалі, што могуць быць пытаньні з боку інспэкцыі па справах непаўналетніх. Інспэктар па справах непаўналетніх прыехаў да яго дахаты.

«Ён запрасіў мяне сесьці ў аўтамабіль. Было холадна, таму я нічога такога не падазраваў. Але на мяне ў машыне накінуўся супрацоўнік АМАП і пачаў круціць рукі з пытаньнем: «Ведаеш, за што ты затрыманы?». Потым пад’ехалі яшчэ дзьве машыны, зь іх выйшла чалавек восем, недзе сем супрацоўнікаў АМАП і адзін з ГУБАЗіК. Яны павялі мяне ў дом, пачалі пытацца ў таты пра мяне, маю дзейнасьць. Пашанцавала, што тата быў ні пры чым. Яны прагледзелі ягоны тэлефон, але нічога не знайшлі, крычалі на яго. Мяне білі, але ня моцна, толькі губу разьбілі», — расказвае падлетак.

Пасьля ператрусу яго з татам вазілі ў Менск на допыт.

«Мяне распытвалі пра тэлеграм-канал. Калі супрацоўнік ГУБАЗіК убачыў у мяне ў канале «Сьпіс супрацоўнікаў ГУБАЗіК», сказаў спыніць машыну каля лесу. У асноўным мяне пыталі пра тых, з кім я перапісваюся ў тэлеграме, хто адміністратар і колькі мне заплацілі», — кажа Іван.

Пасьля допыту яго адпусьцілі. Падлетак апасаўся, што яго пасадзяць у турму.

«Аднак сьледчы сказаў, каб я не хваляваўся, бо я нібыта сьведка па справе аб абразе міліцыянта», — кажа падлетак.

Іван кажа, што ягоныя блізкія атрымлівалі пагрозы.

Як удалося ўцячы зь Беларусі? «Былі добрыя людзі, якія дапамаглі. Але як менавіта, я не скажу».

На пытаньне, ці сумуе па сябрах і па дому, падлетак даслаў эмодзі, якія плачуць.

Ягоная маці Элеанора пераймаецца за сына, які адзін жыве за мяжой. Але і ня хоча, каб ён трапіў у беларускую спэцшколу.

«Ён разумны, шмат чытае. Што яго выключылі зь ліцэю — дык гэта яны зрабілі задняй датай. Дый не падабалася яму ў ліцэі. Іван казаў, што там няма такіх выкладчыкаў, каб зацікавілі прадметам. Канечне, мне сумна і цяжка, што так атрымалася. Але, спадзяюся, Іван атрымае добрую адукацыю, знойдзе сябе. Дома яму не далі б жыцьця, гэта 100%. І цяпер яшчэ міліцыянты кружляюць вакол, пытаюцца ў знаёмых: «Ці вярнуўся Іван?», нешта выведваюць… Дома ён ня быў бы ў бясьпецы», — кажа маці.

У кастрычніку міліцыя затрымала 15-гадовага адміністратара тэлеграм-каналу «Данные карателей Беларуси» Дзьмітрыя з Добрушу (Гомельская вобласьць). У лютым яго накіравалі ў спэцшколу на два гады.

Чытайце таксама:

ГУБАЗіК злавіў 15-гадовага адміністратара «Карнікаў Беларусі». І не зможа яго пакараць

15-гадовы стваральнік «Карнікаў Беларусі», якога затрымлівалі 7 амапаўцаў, цудам выехаў з краіны і даў першае інтэрв'ю