З Алеі славы ў Мінску знікла елка Уладзіміра Гасцюхіна

З Алеі славы ў Мінску знікла елка Уладзіміра Гасцюхіна. Дрэва ўрачыста высадзіў сам артыст на бульвары Мулявіна за філармоніяй яшчэ ў 2017 годзе.

30.03.2021 / 13:40

Фота Minsknews.by. 

На тое, што блакітная елка акцёра Уладзіміра Гасцюхіна, які нядаўна даў скандальнае інтэрв'ю расійскаму Федэральнаму агенцтву навін, знікла, звярнула ўвагу газета «Народная Воля».

Фота Minsknews.by. 

Вось некалькі цытат з таго самага інтэрв'ю:

«Я рускі, я вяду ў Беларусі палітыку рускага чалавека. Яны мяне ненавідзяць, гэтыя нацысты: праходзяць часам, шыпяць, яны могуць мяне справакаваць на што-небудзь — і такое было».

«Калі тыя, што цяпер рвуцца да ўлады, прывядуць гэтых нашых нацыстаў-бандэраўцаў, падымуць іх, то, вядома, мне давядзецца адсюль з'язджаць. Мяне заб'юць проста».

«[У 1990-я] русафобія ў Беларусі паднялася проста на высокі ўзровень! Людзі, якіх я ведаў, з якімі сябраваў, раптам пераабуліся ў паветры і сталі «нацыкамі». Калі пісьменнік Васіль Быкаў заявіў, што «ваяваў не на тым баку», то ён перастаў для мяне існаваць».

«Да Сталіна стаўлюся вельмі добра. Я зараз вельмі шмат даведаўся, бо адкрыты архівы! Але яны працягнуць балбатаць пра 20-30 мільёнаў, пра гэтага Салжаніцына. Паставілі помнік яму… усё хлусня, у Салжаніцына — хлусня на хлусні, гэта наогул ілжывы ідал! Калі б я раней гэта ведаў…»