Статкевіч паведаміў з турмы, у чым сутнасць высунутага супраць яго абвінавачвання

Марына Адамовіч атрымала ліст ад мужа Мікалая Статкевіча за 28 сакавіка, у якім палітык паведамляе, што следства па яго справе завершанае і ён пачаў знаёмства са 110 тамамі справы.

10.04.2021 / 11:00

Мікалай Статкевіч. Фота Надзеі Бужан

Вось, што ён піша.

«Судзіць» разам са мной будуць яшчэ Сяргея Ціханоўскага, Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова, Уладзіміра Цыгановіча, Ігара Лосіка. Кожнага з нас абвінавачваюць па арт. 293 ч.1. Акрамя таго, ва ўсіх «саўдзельнікаў», за выключэннем аднаго мяне, ёсць яшчэ дадатковыя артыкулы КК.

Сутнасць «злачынства» апісана ў «абвінавачванні» надзвычай шматслоўна і заблытана. Але коратка яго можна апісаць так: нашы крытычныя да ўлады выказванні ў інтэрнэце выклікалі рост пратэсных настрояў і прывялі да збора «неарганізаванай масы людзей», якія здзейснілі «масавыя беспарадкі». Значыць, мы — арганізатары гэтых «беспарадкаў». Логіка! 

У мяне склалася ўражанне, што нават самі аўтары гэтага шэдэўра юрыспрудэнцыі яшчэ не асэнсавалі зробленага імі каласальнага прарыву ў развіцці юрыдычнай практыкі. Тут жа такія перспектывы адкрываюцца, што аж дыханне сцінае.

Цяпер жа можна ўсіх, хто апошнія 15 гадоў (тэрмін даўнасці па асабліва цяжкім злачынствам?) крытыкаваў уладу, абвінаваціць у «арганізацыі масавых беспарадкаў». Праўда, на ўсіх такіх «злачынцаў» месцаў у калоніях не хопіць. Таму пачалі з малога. Ну, а нам застаецца толькі ганарыцца, што нас абралі першымі.

Думаю, што гэты юрыдычны «прарыў» зверне ўвагу ўсяго свету. Варта чакаць дэлегацый з Венесуэлы, Ірана, Ганконга і гэтак далей для пераймання перадавога досведу. Нарэшце Беларусь апынулася першай у свеце. Хоць у нечым.

У пятніцу пачаў знаёмства са 110 тамамі (!) гэтай «справы». Кажуць, што гэта зойме месяц», — перадае ён.

Статкевіч адзначыў, што пачуваецца добра.

«Калі ласка, не хвалюйся за мяне, — просіць ён. — У мяне ўсё нармальна. Адчуваю сябе добра. І ўпэўнены, што ўсё гэта не працягнецца занадта доўга».

Nashaniva.com