«Парушэнне правоў чалавека». У Еўропе прапануюць абмежаваць тэхналогіі распазнавання твару

Тэхналогія распазнавання твару павінна быць забароненая ў Еўропе, бо яна ўключае ў сябе глыбокае і недэмакратычнае ўмяшальніцтва ў жыццё чалавека. Пра гэта заявілі ў пятніцу прадстаўнікі Еўрапейскага нагляднага органа па абароне персанальных даных (EDPS). Такі кантраст у падыходах з Кітаем, Расіяй і Беларуссю, дзе гэтыя тэхналогіі масава ўкараняюцца без грамадскага абмеркавання.

23.04.2021 / 21:39

Фота pixabay.com 

Заява прагучала на фоне таго, што пару дзён таму Еўракамісія прадставіла праект правілаў выкарыстання гэтай тэхналогіі. Згодна з правіламі, распазнаванне твару можна будзе выкарыстоўваць для пошуку зніклых дзяцей ці злачынцаў, а таксама ў выпадку тэрарыстычных атак. Правілы сталі спробай Еўракамісіі рэгламентаваць працу з штучным інтэлектам, тэхналогіяй, у якой дамініруюць Кітай і ЗША, тлумачыць Reuters.

Прадстаўнікі EDPS шкадуюць, што Еўракамісія не прыслухалася да іх ранейшага запыту забараніць распазнаванне твару ў грамадскіх месцах. Згодна з іх заявай, гэтая тэхналогія патрабуе больш строгага падыходу, бо тэхналогія распазнавання твару нясе выключна высокую рызыку глыбокага і недэмакратычнага ўмяшальніцтва ў асабістае жыццё людзей. Таму EDPS будзе працаваць у тым ліку над вызначэннем дакладных межаў для выкарыстання тых інструментаў і сістэм, што могуць несці рызыку для рэалізацыі фундаментальных правоў на абарону інфармацыі і асабістае жыццё.

Прапановы Еўракамісіі дазволіць тэхналогіі распазнавання твараў таксама выклікалі крытыку праваабарончых арганізацый. Іх хвалюе магчымасць таго, што аўтарытарныя ўрады здолеюць злоўжываць штучным інтэлектам, каб прыгнятаць правы чалавека.

НФ