Ryanair запусціць з Рыгі 16 новых маршрутаў

Магчыма, калі адступіць каранавірус і адкрыюцца межы, гэтым скарыстаюцца і беларусы.

29.04.2021 / 10:37

Фота з Вікіпедыі

Ірландская лаўкост-кампанія Ryanair інвестуе 165,65 мільёнаў еўра ў стварэнне ў Рыжскім аэрапорце базы для двух самалётаў. Дзякуючы гэтаму Ryanair зможа адкрыць са сталіцы Латвіі паўтара дзясяткаў прамых маршрутаў, паведамляе Delfi.lv.

У выніку з міжнароднага аэрапорта Рыга самалёты будуць выконваць 95 палётаў у тыдзень па 30 маршрутах, уключаючы 16 новых маршрутаў з кастрычніка.

З кастрычніка Ryanair пачне выконваць з Рыгі рэйсы па наступных новых маршрутах: пяць рэйсаў у тыдзень — у Варшаву (Польшча), чатыры рэйсы ў тыдзень — у Сандэф'ёрд (Нарвегія), тры рэйсы ў тыдзень — у Орхус (Данія), Будапешт (Венгрыя), Гётэборг (Швецыя), Рым (Італія), два рэйсы ў тыдзень — у Брысталь (Вялікабрытанія), Кракаў (Польшча), Кіеў і Львоў (Украіна), Малагу (Іспанія), Франкфурт, Мемінген (Германія), Палерму, Венецыю (Італія), Парыж (Францыя).

Нагадаем, што з літоўскіх Вільні і Каўнаса Ryanair лётае ў дзясяткі гарадоў Еўропы, у тым ліку ў Алікантэ, Барселону, Пальма-дэ-Маёрку, Капенгаген, Дублін, Шэнан, Лондан, Мілан, Рым, Рыміні, Неапаль, Афіны, а таксама на Корфу, Родас і ў Пафас (Кіпр).

Nashaniva.com