Журналісты знайшлі ўласніка пашпарта, які выкарыстоўваў у Чэхіі меркаваны агент ГРУ «Пятроў»

Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Малдова, падробленую копію якога меркавана выкарыстаў у Чэхіі ў 2014 годзе супрацоўнік расейскай вайсковай разьведкі Аляксандар Мішкін (ён жа «Аляксандр Пятроў»), належаў рэальнай асобе, піша Радыё Свабода.

07.05.2021 / 14:57

Фальшывыя пашпарты Башырава і Пятрова.

Пра гэта напісаў у фэйсбуку журналіст дасьледчага выданьня RISE Moldova Уладзімір Тхорык. Паводле яго, ідэнтыфікаваць ўладальніка пашпарту малдоўскія журналісты здолелі пры дапамозе замежных калегаў.

Раней копію пашпарту грамадзяніна Малдовы на імя Мікалай Попа апублікавала дасьледчая група Bellingcat. Сьцьвярджаецца, што копія фігуруе ў матэрыялах чэскага сьледзтва аб выбухах на складах боепрыпасаў у паселішчы Вэрбеціцы ў 2014 годзе, у якіх падазраюць супрацоўнікаў ГРУ.

Копіі падробленых пашпартоў на імёны грамадзянаў Таджыкістану і Малдовы былі, як сьцьвярджаецца, накіраваныя на склад, каб расейскія агенты атрымалі туды допуск. Пры гэтым у пашпарт на імя Попы быў уклеены фотаздымак Мішкіна-«Пятрова». Невядома, аднак, ці быў гэты пашпарт выкарыстаны ў рэальнасьці, каб трапіць на склад. У Чэхію супрацоўнікі ГРУ заехалі па іншых падробленых пашпартах — на імёны расейцаў Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава.

Як высьветлілі малдоўскія журналісты, для вырабу падробленай копіі пашпарту на імя Мікалая Попы быў выкарыстаны пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Малдова Віталя К. з Дрокіеўскага раёну Малдовы. Ён жыве ў ЗША. Яго асобу атрымалася ідэнтыфікаваць дзякуючы базе дадзеных авіяпералётаў. Высьветлілася, што грамадзянін Малдовы карыстаўся сваім пашпартам яшчэ ў 2015 годзе, гэта значыць ужо пасьля выбухаў на чэскіх складах.

У прыватнасьці, ён лётаў па ім зь Н’ю-Ёрку ў Кішынэў транзытам праз Маскву. Журналісты зьвязаліся з Віталём К., які пацьвердзіў гэтую інфармацыю, падкрэсьліўшы, што ў Маскве не пакідаў транзытную зону аэрапорту. Паводле яго, пры пералётах не ўзьнікла ніякіх праблем.

У пашпарце, які выкарыстаў Мішкін-«Пятроў», ад сапраўднага пашпарта пакінулі нумар i год выдачы. Імя і даты нараджэньня былі падробленыя.

Nashaniva.com