Статыстыку па колькасці насельніцтва перапісалі задняй датай? Тлумачым, што адбылося

У сеціве гуляе карцінка са змененай статыстыкай колькасці насельніцтва Беларусі па гадах. У ёй лічбы, якія цяпер апублікаваў Белстат, меншыя за тыя, што афіцыйна агучваліся раней.

12.05.2021 / 13:58

Такія разыходжанні выклікалі розныя дадумкі: маўляў, статыстыку перапісваюць, ці не спроба гэта схаваць ахвяры ад каранавіруса? 

Насамрэч прычына ў іншым — статыстыку абнавілі пасля апрацоўкі звестак перапісу насельніцтва. Тое ж было і пасля перапісу ў 2009 годзе: у 2011-м, калі вынікі былі цалкам гатовыя, лічбы за папярэдняе дзесяцігоддзе карэктаваліся.

«Гэта стандартная працэдура, міжнародная практыка. Службы іншых краін таксама займаюцца рэтраспектыўнымі пералікамі дэмаграфічных паказчыкаў за міжперапісны перыяд. І не толькі дэмаграфічных, а таксама тых, якія выкарыстоўваюцца на душу насельніцтва. Ёсць метадалагічныя ўказанні па пераліку, там складаная формула», — пракаментавалі «Нашай Ніве» ў галоўным упраўленні дэмаграфічнай статыстыкі і перапісу насельніцтва Белстата.

Адкуль жа тады бяруцца лічбы, якія аператыўна даюць штогод? Белстат тлумачыць падыход: да звестак, атрыманых падчас перапісу, дадаюць звесткі з ЗАГСаў і МУС. То-бок плюсуюць народжаных і прыехаўшых, адымаюць памерлых і з’ехаўшых. Але паколькі межы з Расіяй, напрыклад, адкрытыя, лічба па міграцыі недакладная. Адсюль магчыма разыходжанне ў аператыўных звестках і тых, што даюць пасля перапісу.

НЛ