Міколу Статкевіча этапавалі ў Гомель, рыхтуецца суд

20 мая Міколу Статкевіча этапавалі ў Гомель. Як выказала меркаванне ягоная жонка Марына Адамовіч, імаверна, з Жодзіна «вывезлі ўсіх» — і Сяргея Ціханоўскага, і Ігара Лосіка, якія разам праходзяць у адной крымінальнай справе.

20.05.2021 / 15:10

Фота Надзеі Бужан

«Міколу этапавалі ў Гомель. Дзеля таго, каб высветліць гэта, прыйшлося ехаць у Жодзіна. Думаю, адтуль вывезлі ўсіх, прынамсі пра Ігара Лосіка ведаю дакладна. Ну, можа, хоць так пазнаёмяцца яшчэ да «суда», які будзе разглядаць іх «супольнае злачынства», — падсумавала Марына Адамовіч.

Міколу Статкевіча затрымалі 31 траўня 2020 года па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Яго асудзілі на 15 сутак, аднак следам прайшоў яшчэ адзін суд, які дадаў аналагічны тэрмін арышту.

Аднак пасля месяца арышту на волю ён так і не выйшаў — яму інкрымінавалі «здзяйсненне злачынства паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). 15 снежня палітыку прад’явілі новае абвінавачванне паводле п. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках, нагадвае Радыё Свабода.