За суткі на мяжы Літвы і Беларусі затрыманыя 52 нелегальныя мігранты. Пераважна з Сірыі і Ірака

За мінулыя суткі на мяжы Літвы з Беларуссю затрыманыя некалькі груп нелегальных мігрантаў — у цэлым літоўскія памежнікі затрымалі 52 замежнікаў, піша Delfi.lt.

04.06.2021 / 14:52

Дзве групы мігрантаў былі затрыманыя на так званай Дзевянішскай пятлі ў Салечніцкім раёне. Дзевянішская пятля амаль з усіх бакоў акружаная беларускай тэрыторыяй, на яе можна трапіць па адзінай дарозе.

Высачыць гэтых мігрантаў дапамаглі кінолагі, быў верталёт і беспілотнік. Большасць з іх папрасілі прытулку ў Літве.

Першая група з 19 чалавек была затрыманая літоўскімі памежнікамі ў чацвер, каля вёскі Гірджунай Салечніцкага раёна, сляды вялі з Беларусі ў Літву. У затрыманых не было ніякіх дакументаў, яны прадставіліся грамадзянамі Сірыі і Ірака, папрасілі прытулку ў Літве.

Другая група з 26 мігрантаў была затрыманая ў ноч на пятніцу, калі былі выяўленыя сляды каля вёскі Дайліды. Затрыманыя таксама былі без дакументаў і прадставіліся грамадзянамі Сірыі і Ірака.

Таксама былі затрыманыя некалькі паасобных нелегалаў.

Nashaniva.com