Родныя былых топ-менеджараў Белгазпрамбанка папрасілі Лукашэнку вызваліць іх блізкіх

Сваякі былых топ-менеджараў Белгазпрамбанка напісалі ліст Аляксандру Лукашэнку з просьбай аб вызваленні іх блізкіх: Дзмітрыя Кузьміча, Сяргея Шабана, Аляксандра Ільясюка, Кірыла Бадзея, Сяргея Дабралета, паведамляе smartpress.by.

28.06.2021 / 21:27

«Нашы родныя выканалі ўмовы дасудовага пагаднення і пакрылі шкоду ў поўным аб'ёме», — гаворыцца ў лісце.

Прысуд па справе Белгазпрамбанка абвесцяць 6 ліпеня. Для фігурантаў, пералічаных у прашэнні сваякоў, абвінавачанне запытала ад 5,5 да 6 гадоў калоніі. Усе яны прызналі віну і заключылі здзелку са следствам.

Віктар Бабарыка сваёй віны не прызнаў. Для яго абвінавачанне просіць 15 гадоў пазбаўлення волі.

Nashaniva.com