На Камчатцы знайшлі абломкі зніклага Ан-26. Жывых няма

Ратавальнікі выявілі абломкі зніклага на Камчатцы самалёта Ан-26, на борце якога знаходзіліся 28 чалавек. Паводле папярэдніх звестак, усе пасажыры і члены экіпажа загінулі, піша Бі-бі-сі.

06.07.2021 / 13:43

ТАСС

Абломкі самалёта выявілі ля пасёлка Палана, прыкладна за 4-5 км ад узлётна-пасадачнай паласы. Самалёт меркавана пацярпеў крушэнне, калі заходзіў на пасадку на другі круг.

Не выключана, што борт мог урэзацца ў берагавую скалу, а частка яго абломкаў упала ў мора.

Паведамляецца. што ў раёне катастрофы былі складаныя метэаўмовы, вельмі нізкая бачнасць.

«Самалёт заходзіў на пасадку ў ручным рэжыме пры нізкім візуальным кантакце пілотаў з сушай. Як мяркуецца, ва ўмовах нізкай бачнасці самалёт сутыкнуўся з сопкай, не здолеўшы прызямліцца з першага разу», — адзначала крыніца «Інтэрфакса».

Ан-26 належаў «Камчацкаму авіяцыйнаму прадпрыемству». Гендырэктар прадпрыемства Аляксей Храброў заяўляў, што самалёт быў тэхнічна спраўны. Паводле СМІ, ён эксплуатаваўся з 1982 года.