Крыніцы: еўрапейскія партнёры патрабуюць ад новага ўласніка МТБанка даказаць, што ўгода не фіктыўная

У канцы чэрвеня МТБанк, актыў бізнэсмена Аляксея Алексіна, набыў ліванец Рамеа Абдо, які ў Беларусі будаваў гандлёва-забаўляльны цэнтр Galileo, бізнэс-цэнтры Rubin Plaza і Silver Tower. Сума ўгоды не разгалошвался, у афіцыйным банкаўскім рэлізе было сказана, што «рашэнне прынята з улікам інвестыцыйнай прывабнасці банка». 

23.08.2021 / 14:35

Дагэтуль у бізнэс-колах няма згоды, як разглядаць угоду па пакупцы банка: нехта лічыць, што гэта дэкаратыўны акт, іншыя кажуць, што Абдо мог паквапіцца на прыемную цану, бізнэс Алексіна трапіў пад санкцыі.

Як стала вядома «Нашай Ніве», нягледзячы на тое, што банк больш не належыць структурам падсанкцыйнага бізнэсоўцы, пытанні з боку еўрапейскіх партнёраў узнікаюць. 

«Заходнія банкі запатрабавалі доказы таму, што ўгода не фіктыўная. Яны не хочуць мець справы з санкцыямі. Пад доказамі маюцца на ўвазе пацверджанні таго, што ўгода планавалася да ўвядзення санкцый супраць Алексіна і да таго, як нават пра такія планы стала вядома. Гаворка вядзецца пра тэрмін у два гады да завяршэння ўгоды», — паведамілі «Нашай Ніве» абазнаныя банкіры. 

Што можа паслужыць у якасці доказаў? 

«Звычайна, калі пачынаюцца перамовы аб продажы буйнога бізнэса, у тым ліку банкаў, бакі падпісваюць дамову аб неразгалошванні, бо інвестару трэба раскрыць усю справаздачнасць. Але вы можаце не дамовіцца, і вось, каб раскрытыя дакументы не пачалі «гуляць», падпісваецца дамова, пры гэтым прысутнічаюць сведкі — юрысты, натарыусы. Адбываецца ацэнка актываў з іншага боку, што таксама неяк дакументальна афармляецца. Калі новаму ўласніку банка ўдасца прадаставіць такіх людзей, праблем можна пазбегнуць», — кажуць банкіры. 

Нагадаем, на мінулым тыдні ў сувязі з амерыканскімі санкцыямі спыніў валютныя пераводы і абслугоўванне картак VISA Абсалютбанк. 

Nashaniva.com