МЗС Украіны абвергла інфармацыю пра захоп украінскага самалёта ў Кабуле

Інфармацыя аб захопе ў Кабуле ўкраінскага лайнера, якая распаўсюджваецца ў СМІ, не адпавядае рэчаіснасці. Усе самалёты шчасна вярнуліся ва Украіну.

24.08.2021 / 11:34

Пра гэта ў каментары РБК-Украіна распавёў спікер Міністэрства замежных спраў Алег Нікаленка.

«Захопленых ўкраінскіх самалётаў у Кабуле ці дзе-небудзь яшчэ няма. Інфармацыя аб «захопленым самалёце», якую тыражуюць некаторыя СМІ, не адпавядае рэчаіснасці», — адзначыў Нікаленка.

Паводле яго слоў, усе самалёты, якія прыцягвала Украіна для эвакуацыі грамадзян з Афганістана, бяспечна вярнуліся ў краіну. На сёння трыма эвакуацыйнымі рэйсамі вывезлі 256 чалавек.

Ён таксама ўдакладніў, што намеснік міністра замежных спраў Яўген Енін, на словы якога спасылаліся СМІ, у цэлым тлумачыў беспрэцэдэнтны ўзровень цяжкасцяў, з якімі даводзілася сутыкацца дыпламатам, каб эвакуяваць украінцаў.

Nashaniva.com