Мінчука арыштавалі перад пачаткам хакейнага матча за вокладку пашпарта з «Пагоняй»

23-гадовы Уладзіслаў Фёдараў 14 кастрычніка прыйшоў у «Мінск-Арэну» на хакейны матч «Дынама-Мінск» — «Спартак». Падчас агляду рэчаў у хлопца знайшлі пашпарт з вокладкай, на якой быў намалёваны герб Пагоня. Фёдарава адразу затрымалі супрацоўнікі міліцыі і адвезлі ў Цэнтральнае РУУС. Згодна з пратаколам, менавіта на тэрыторыі РУУСа хлопец «аказаў непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі», за што на яго склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП, паведамляюць праваабаронцы.

15.10.2021 / 18:23

Сёння справу Уладзіслава разглядзела суддзя Цэнтральнага раёна Вікторыя Шабуня. Віну сваю Фёдараў прызнаў, але сцвярджае, што непадпарадкаванне не аказваў. Міліцыянт на судзе распавёў, што Фёдарава затрымалі па падазрэнні ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Вынік — 15 сутак.

Гэта ўжо не першае затрыманне пасля агляду рэчаў перад пачаткам хакейнага матча. У верасні на суткі адправілі 20-гадовага студэнта БНТУ Максіма Лычкоўскага, якога затрымалі пры такіх жа абставінах.

Nashaniva.com