Экс-следчаму далі 1,5 года калоніі за ўдзел у маршах. Доказамі ў справе былі сэлфі з акцый

Суд у Мінску прызнаў 32-гадовага Аляксея Зікеева вінаватым у «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту» і прысудзіў яго да 1,5 года калоніі агульнага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы.

31.10.2021 / 15:37

Пазоў Мінсктранса на 41,9 тысячы рублёў выдзелены ў асобную вытворчасць.

Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях у Менску 16, 23, 30 жніўня і 6 верасня 2020 года. Паводле абвінавачання, ён парушаў парадак, далучыўся да групы людзей, пляскаў у ладкі, выкрыкваў лозунгі, перашкаджаў руху транспарту.

Доказамі ў справе сталі чатыры сэлфі з маршаў, якія знайшлі ў тэлефоне мужчыны.

Палітвязень Аляксей Зікееў — былы старшы следчы. Быў у камандзе Валерыя Цапкалы. Жанаты, у яго 6-гадовы сын.