Даўгі беларусаў па крэдытах перавысілі 16,1 мільярда рублёў — гэта рэкорд

Запазычанасць фізічных асоб па крэдытах на 1 кастрычніка склала 16 мільярдаў 133,3 мільёна рублёў.

01.11.2021 / 10:47

Пра гэта паведамляе Нацбанк у сваім Статыстычным бюлетэні.

У агульнай суме ўлічваюцца спажывецкія крэдыты, крэдыты на нерухомасць, на аўтамабілі, карты растэрміноўкі.

У параўнанні з пачаткам года агульны аб'ём запазычанасці па крэдытах фізічных асоб вырас на 90,6 мільёна рублёў. За жнівень гэты паказчык павялічыўся на 340,2 мільёна рублёў, а за ліпень — на 145,9 мільёна рублёў.

А вось даўгі па спажывецкіх крэдытах зноў пачалі падаць.

На 1 кастрычніка яны склалі 5 мільярдаў 237 мільёнаў рублёў. Гэтая сума на 12,4 мільёна менш, чым месяцам раней. Нагадаем, у жніўні запазычанасць па спажывецкіх крэдытах вырасла ўпершыню з верасня 2020 года — на 40,1 мільёна рублёў.