ЕС адказаў на пагрозы Лукашэнкі перакрыць пастаўкі газу ў Еўропу

Еўрасаюз не дазволіць запалохаць сябе, заявіў еўракамісар па энергетыцы Паола Джэнцілоні.

12.11.2021 / 09:09

AFP/Getty Images

«У пытаннях паставак газу мы павінны максімальна выкарыстоўваць нашы адносіны з краінамі-пастаўшчыкамі — дзяржавамі Афрыкі, Нарвегіяй, Расіяй, і мы не дазволім Лукашэнку запалохаць нас сваімі пагрозамі», — заявіў еўракамісар па энергетыцы Паола Джэнцілоні на прэс-канферэнцыі ў Брусэлі ў чацвер, паведамляе Deutsche Welle.

Джэнцілоні пацвердзіў, што пытанні бяспекі паставак газу ў краіны ЕС будуць уключаны ў абаронную канцэпцыю Еўрасаюза пад назвай «стратэгічны компас ЕС», якая будзе зацверджана ў будучым годзе.

У сераду на нарадзе з Саўмінам Лукашэнка прыгразіў Еўрасаюзу перакрыць транзіт газу ў Еўропу па транснацыянальным газаправодзе «Ямал-Еўропа» у тым выпадку, калі ЕС пашырыць санкцыі супраць яго краіны праз канфлікт вакол мігрантаў на беларуска-польскай мяжы.

«Мы абаграваем Еўропу, яны нам яшчэ пагражаюць, што закрыюць мяжу. А калі мы перакрыем прыродны газ туды? Таму я б кіраўніцтву Польшчы, літоўцам і іншым безгаловым парэкамендаваў думаць перш, чым казаць. Але гэта іх справа. Зачыняць — няхай зачыняюць. Але МЗС павінен папярэдзіць усіх у Еўропе: калі толькі яны ўвядуць нам дадатковыя санкцыі «неперавараныя» — непрымальныя для нас, мы павінны адказваць», — сказаў у чацвер Лукашэнка.

Лукашэнка прыгразіў перакрыць газ у Еўропу

Nashaniva.com