Украіна адмяніла ўвазную пошліну на беларускі аўтапрам

Украінская Міжведамасная камісія па міжнародным гандлі адмяніла сваё рашэнне ад 16 красавіка 2021 года, згодна з якім імпарт з Беларусі аўтобусаў, грузавых і спецыяльных аўтамабіляў быў абкладзены ахоўнай пошлінай у 35%. Такое паведамленне апублікавана 8 снежня ў газеце «Урядовий кур'єр».

08.12.2021 / 18:50

Раней Мінэканомікі Украіны пачало расследаванне аб фактах дыскрымінацыйных дзеянняў з боку Беларусі па звароце асацыяцыі Украўтапрам.

Украінскія прадпрыемствы, якія выпускаюць аўтобусы ўсіх класаў, неаднаразова звярталі ўвагу на стварэнне Украінай спрыяльных умоў для дамінавання на рынку беларускіх транспартных сродкаў пры наяўнасці некалькіх сваіх вытворцаў.

Міжведамасная камісія па міжнародным гандлі Украіны ўстанавіла факты дыскрымінацыйных і недружалюбных дзеянняў з боку Беларусі ў дачыненні да ўкраінскіх прадпрыемстваў аўтамабілебудавання і ўжыла адэкватныя меры, прыняўшы тады рашэнне ўвесці спецыяльную пошліну на імпарт аўтобусаў, грузавых і спецаўтамабіляў з Беларусі ў памеры 35% ад мытнага кошту.

Nashaniva.com