Беларускія банкі падключыліся да расійскага аналага SWIFT. Цяпер ім ніякія санкцыі не страшныя?

Усе беларускія банкі падключыліся да расійскага аналага SWIFT. Ці значыць гэта, што магчымае адключэнне ад міжнароднай фінансавай сістэмы для Беларусі не стане праблемай? Тлумачым.

09.12.2021 / 17:49

Cістэма перадачы фінансавых паведамленняў Цэнтрабанка Расіі зможа часткова замяніць SWIFT. Яна дазволіць весці разлікі з расійскімі фірмамі. Хоць практыка міжнародных разлікаў праз гэтую сістэму не такая багатая, і могуць узнікнуць тэхнічныя складанасці.

А вось разлікі з іншымі краінамі будуць пад пытаннем.

«Патэнцыйна праблема можа быць вырашаная па схеме, якая была ў Іране. Іранскія банкі карысталіся ўзаемаадносінамі з банкамі іншых краін, якія ад іх імя і за іх рахунак праводзілі плацяжы. 

Напрыклад, беларускаму контрагенту трэба заплаціць нямецкаму. Тады беларускі банк, карыстаючыся расійскай сістэмай, пералічыць сродкі на карысць расійскага банка, а той ад свайго імя — на карысць нямецкага контрагента. Тэхнічна гэта магчыма. І мне здаецца, што некаторыя расійскія банкі будуць гатовыя ўзяць на сябе гэтую паслугу», — лічыць эканаміст Дзмітрый Крук.

Цалкам расійская сістэма SWIFT не заменіць.

«Калі раптам адключэнне здарыцца, усё роўна нейкі час будуць лагістычныя перабоі, нават з расійскімі фірмамі, бо наладка працэдуры займае час. Плюс інфармацыйны шок ад такой падзеі. Асабліва закране тых, хто мае кантракты з іншымі краінамі (нават калі пасля яны запрацуюць па іранскай схеме), некалькі тыдняў ці месяцаў працягнуцца лагістычныя збоі.

І гэта будзе істотна даражэй для кліентаў, бо дадатковыя плацяжы перакладуць на спажыўцоў.

Для беларускіх банкаў гэта з аднаго боку выйсце. Але банк, які сам не можа праводзіць міжнародныя разлікі, непаўнавартасны, банк-імпатэнт. 

Стратэгічныя наступствы ад адключэння ўсё адно будуць. Інвестыцыйнае становішча банкаўскай сістэмы, давер да яе пагоршацца». 

Негатыўны момант пераходу на расійскую сістэму — павышэнне залежнасці ад Расіі. Гэта новы ланцужок, які падвязвае нас да краіны-суседа.

Праўда, такі крок з боку Еўропы, як адключэнне SWIFT, малаверагодны. Калі прымаліся санкцыі ў адказ на міграцыйны крызіс, гэта нават не разглядалася.

Дзмітрый Крук ацэньвае верагоднасць адключэння ад SWIFT у 30%.

Nashaniva.com