Да 3600 еўра штрафу. Аўстрыя будзе сурова караць тых, хто не хоча прышчапляцца

Аўстрыйскі ўрад прадставіў законапраект аб абавязковай вакцынацыі, паведамляе аўстрыйскае тэлебачанне. Закон пачне дзейнічаць з 1 лютага 2022 года.

09.12.2021 / 17:52

Штоквартальна, пачынаючы з 15 сакавіка, павінны вызначацца крайнія тэрміны вакцынацыі. Кожнаму, хто не будзе вакцынаваны ў гэтыя дні і не падпадае пад выключэння ад вакцынацыі, пагражае штраф да 3600 еўра.

Калі чалавек усё ж зробіць прышчэпку, штраф будзе зняты заднім днём.

Людзей, якія працягнуць ігнараваць патрабаванне прышчапіцца, пры гэтым не маючы падстаў для вызвалення ад вакцынацыі, будуць штрафаваць штоквартальна.

Ад абавязку вакцынавацца вызваляюцца дзеці да 14 гадоў і цяжарныя жанчыны, тыя, хто перахварэў на COVID-19 не пазней, чым за 180 дзён, а таксама асобы, якія не могуць быць вакцынаваны па стане здароўя.

Аўстрыя стала першай краінай у ЕС, якая абвясціла абавязковую вакцынацыю.

Nashaniva.com