Інфляцыя — 6 працэнтаў, ЗВР — $7 млрд. Лукашэнка зацвердзіў асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2022 год

Аляксандр Лукашэнка падпісаў сёння ўказ нумар 482 «Аб зацвярджэнні Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2022 год».

09.12.2021 / 18:18

Згодна з дакументам, грашова-крэдытная палітыка ў 2022 годзе будзе нацэлена на падтрыманне інфляцыі на ўзроўні 6 працэнтаў.

Прадоўжыцца кантроль за ростам грашовага прапанавання. Сярэдняя шырокая грашовая маса павялічыцца на 7-13 працэнтаў у гадавым выражэнні, рублёвая грашовая база — на 8-13 працэнтаў.

Нацыянальнаму банку прадпісана фарміраваць умовы для крэдытавання на ўзроўні, што дае магчымасць падтрымаць эканамічную актыўнасць і не дапусціць нарастання сістэмных рызык. Пры гэтым прадугледжваецца, што патрабаванні банкаў да эканомікі вырастуць у 2022 годзе на 7-11 працэнтаў.

Курсавая палітыка, як і раней, будзе праводзіцца ў рэжыме плаваючага курсу, які фарміруецца пад дзеяннем попыту і прапанавання на валютным рынку. Дапускаецца правядзенне валютных інтэрвенцый для недапушчэння рэзкіх ваганняў курсу беларускага рубля, а таксама папаўнення золатавалютных рэзерваў.

З улікам аб'ёмаў будучых выплат прагназуецца, што золатавалютныя рэзервы на канец 2022 складуць не менш за $7 млрд.

Nashaniva.com