Першае выданне «Гары Потэра» прадалі за рэкордную суму — 470 тысяч даляраў 

Першае выданне рамана брытанскай пісьменніцы Джоан Роўлінг «Гары Потэр і філасофскі камень» сышло з малатка на аўкцыёне за рэкордную 471 тысячу даляраў.

10.12.2021 / 11:51

Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на тэхаскі аўкцыённы дом Heritage auctions.

Адзначаецца, што гэта не толькі самая вялікая сума, якая была калі-небудзь заплачаная за першую частку сагі пра Гары Потэра, але і самая дарагая калі-небудзь прададзеная мастацкая кніга, выдадзеная ў XX стагоддзі. Стартавая цана лота складала 75 тысяч даляраў.

Вядома, што прададзены твор быў першым выданнем «Гары Потэра і філасофскага каменя» ў цвёрдым пераплёце. Яго ўпершыню апублікавалі ў 1997 годзе накладам у 500 асобнікаў.

Пасля ўсе сем кніг пра Гары Потэра прадаліся накладам 500 мільёнаў копій на 80 мовах свету. 

Nashaniva.com