Дырэктара дома культуры, які залез на дрэва, каб яго не высеклі, арыштавалі на 15 сутак

Суд Пінскага раёна арыштаваў дырэктара сельскага дома культуры ў вёсцы Ахова Аляксандра Дземчука на 15 сутак за непадпарадкаванне патрабаванню службовай асобы (артыкул 24.3 КаАП) — 22 снежня ён залез на дрэва, каб перашкодзіць камунальнікам ссекчы векавыя дубы, паведаміў «Медыязоне» слухач з залы суда.

23.12.2021 / 18:30

22 снежня да вясковых могілак прыехалі супрацоўнікі камунальных службаў для высечкі 300-гадовых дубоў, пісала «Медыя-Палессе». Рабочых ля могілкавай агароджы сустрэлі мясцовыя пенсіянеркі, якія выступалі супраць высечкі дрэў; пазней яны ўсталі побач са стваламі ў знак пратэсту.

Неўзабаве да могілак прыбылі супрацоўнікі АМАПа, а дырэктар сельскага клуба ўзлез на адно з дрэў, каб іх уратаваць. Пасля гэтага Дзямчука затрымалі, ноч ён правёў у Пінскім РАУС. Камунальнікі ж паспелі ссекчы адзін з дубоў да канца працоўнага дня.

Як пісала «Медыя-Палессе», рашэнне аб высечцы дубоў прыняў Пінскі райвыканкам з-за калектыўнага звароту грамадзян, чые сваякі пахаваныя на мясцовых могілках — яны палічылі, што галінкі дрэў могуць зваліцца і пашкодзіць дарагія помнікі. Некаторыя мясцовыя жыхары выступаюць за захаванне дубоў, якія яны лічаць гісторыка-культурнай каштоўнасцю і помнікамі прыроды.

Пенсіянеркі не далі камунальнікам спілаваць 300-гадовыя дубы на Піншчыне. У вёску адправілі АМАП

Жыхары Ахова пасля знішчэння дубоў: «Адны робяць выгляд, што нічога не здарылася, астатнія моўчкі гаруюць»

Nashaniva.com