У Мазыры турагентка прыдумала хітрую прычыну разводзіць кліентаў на грошы. Падманула 39 кліентаў

У жніўні 2019 года жанчына зарэгістравалася ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і адкрыла турыстычнае агенцтва «Пуцёвачка». Ужо праз некалькі месяцаў яна стала несумленна працаваць з некаторымі кліентамі.

28.12.2021 / 11:11

Як правіла, турагент прапаноўвала пацярпелым пуцёўкі па прывабных цэнах, атрымлівала перадаплату і стварала ілюзію афармлення броні. Грошы, прызначаныя для залічэння на рахунак тураператара, прысвойвала сабе, паведамляе СК.

Праз некаторы час яна паведамляла кліентам аб адмене паездкі тураператарам па розных прычынах, у асноўным у сувязі з кепскай эпідэміялагічнай сітуацыяй, і пераконвала перанесці яе на больш позні тэрмін.

Паколькі ў рэальнасці падарожжы не былі выкупленыя, кліенты так і не ехалі на адпачынак.

Усяго ад дзеянняў жыхаркі Мазыра пацярпелі 39 чалавек, якія пазбавіліся 90 тысяч рублёў.

Nashaniva.com