У СААЗ заявілі аб рызыцы заражэння паловы Еўропы «амікронам» за два месяцы

Больш за палову насельніцтва Еўропы ў найбліжэйшыя паўтара-два месяцы заразіцца новым амікрон-штамам. Пра гэта паведаміў дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ Ханс Клюге, спасылаючыся на звесткі Амерыканскага інстытута паказчыкаў здароўя і іх ацэнкі.

11.01.2022 / 14:41

«Інстытут паказчыкаў здароўя і іх ацэнкі (IHME) прагназуе, што больш за 50% насельніцтва [еўрапейскага] рэгіёна будуць інфікаваныя амікроном ў наступныя 6-8 тыдняў», — заявіў Клюге.

Паводле яго слоў, даныя, сабраныя за апошнія тыдні, пацвярджаюць, што амікрон валодае высокай трансмісіўнасцю, бо мутацыі, якія ён мае, дазваляюць яму лягчэй прымацоўвацца да клетак чалавека, і ён можа заразіць нават тых, хто раней быў інфікаваны або вакцынаваны.

Каб знізіць рызыкі, неабходна насіць маскі (у тым ліку рэспіратары для уразлівых груп грамадзян), вакцынавацца, прытрымлівацца сацыяльнай дыстанцыі і пазбягаць вялікіх збораў людзей.

«Мой ключавы пасыл: кожны чалавек павінен рабіць усё, каб мінімізаваць магчымасць заражэння», — сказаў Клюге.

Nashaniva.com