Сёння ў Катэдральным касцёле Мінска будуць маліцца за мір ва Украіне

26 студзеня ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбудзецца імша за мір. Яе ўзначаліць Апостальскі нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

26.01.2022 / 08:14

Антэ Ёзіч, фота catholic.by

Малітва за мір у галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбудзецца ў адказ на ініцыятыву Папы Францішка, які пасля нядзельнай малітвы Анёл Панскі выказаў занепакоенасць сітуацыяй вакол Украіны і абвясціў спецыяльны Дзень малітвы за мір.

«З трывогай назіраю за ўзрастаннем напружанасці, якая пагражае нанесці новы ўдар па міры ва Украіне і ставіць пад пытанне бяспеку на ўсім еўрапейскім кантыненце з яшчэ больш шырокімі наступствамі» — адзначалася ў звароце пантыфіка.

Яго прадстаўнік у нашай краіне следам за пантыфікам заахвочвае вернікаў Касцёла ў Беларусі і ўсіх людзей добрай волі «ўзносіць малітвы да Бога, каб кожная палітычная ініцыятыва служыла агульначалавечаму братэрству больш, чым аднабаковай выгадзе».

Пачатак у 18.30.

Nashaniva.com