У Бабруйску жанчыну асудзілі на 1,5 года калоніі за карыкатуру 

52-гадовую Вольгу Кукушкіну асудзілі на 1,5 года калоніі агульнага рэжыму па абвінавачванні ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК) і іншых прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК). Працэс у Бабруйскім судзе праходзіў у закрытым рэжыме, паведамляе «Вясна».

31.01.2022 / 17:28

Вольга Кукушкіна.

У лістападзе 2021-га да Кукушкінай прыйшлі дадому з ператрусам: нагодай стаў рэпост з тэлеграм-канала, прызнанага экстрэмісцкім. На жанчыну склалі пратакол, ёй прысудзілі 10 сутак. 

За час арышту сілавікі знайшлі ў яе смартфоне карцінку, на якой былі паказаныя Лукашэнка, Качанава і Караеў у нацысцкай уніформе, з іх ратоў сцякала кроў. Таксама на карцінцы быў подпіс, звязаны з Годам пацука паводле кітайскага календара.

Гэтую карцінку Кукушкіна адправіла ў закрыты чат з каментарыем у сакавіку 2021 года. Чат на момант прагляду быў ужо неактыўны, а сама Вольга выйшла з яго, але выява ў смартфоне засталася.

Бабруйчанку пасля арышту адпусцілі дадому, але завялі крымінальную справу. Следчы пераканаў жанчыну, што яна атрымае штраф або «хатнюю хімію», таму яна нават не звярталася да адваката.

Але суд прызначыў ёй калонію, пад варту Кукушкіну ўзялі ў зале суда.

Nashaniva.com