Украіна перажыла хвалю моцных кібератак, упалі сайты некаторых банкаў і сілавых структур
Украінцы паведамлялі пра збоі ў працы сайтаў і мабільных праграм некаторых банкаў, а таксама сайтаў Мінабароны і ВСУ. Кібератакі пачаліся ў 15:00, адзначаецца, што яны былі вельмі магутныя — такіх яшчэ не было ніколі.
15.02.2022 / 20:42
Фота: pieceofmind / depositphotos.com
Некалькі гадзін не працавалі сайты буйных банкаў «Прыват» і «Ашчадбанк». Карыстальнікі мабільнай праграмы «Приват24» паведамлялі пра праблемы з плацяжамі і ў цэлым з працай мабільнай праграмы. Некаторым карыстальнікам зусім не ўдавалася зайсці ў «Приват24», у іншых не адлюстроўваліся баланс і апошнія транзакцыі.
У банку «Прыват» запэўнілі, што ніякай пагрозы сродкам укладчыкаў няма, кібератакі тычыліся выключна Приват24. Астатнія фінансавыя аперацыі выконваліся ў нармальным рэжыме.
У працы «Ашчадбанка» таксама назіраліся збоі, інтэрнэт-банкінг не працаваў.
Цяпер «Прыватбанк» і «Ашчадбанк» паведамілі, што аднавілі працу, але чакаюць, што DDOS-атакі могуць аднавіцца.
Таксама падвергнуліся нападу сайты Мінабароны і Узброеных сілаў Украіны. Мінабароны пацвердзілі хакерскую атаку на іх сайт.
У цэнтры стратэгічных камунікацый і інфармацыйнай бяспекі Украіны ўсе гэтыя кібератакі звязваюць з дзеяннямі Расіі.
Раней маштабная хакерская атака на Украіну адзначалася 14 студзеня гэтага года.