«Адзін памёр, але целы так абгарэлі, што не ясна хто». Стала вядома асоба другога беларускага дальнабойшчыка, які трапіў пад бомбы

«Нашай Ніве» стала вядома асоба другога беларуса, які трапіў пад расійскія бомбы ва ўкраінскім Корасцені. Гэта 38-гадовы мазырчук Дзмітрый Шылец, сябра іншага пацярпелага дальнабойшчыка — Івана Рогава.

10.03.2022 / 22:16

Чытайце: Мазырчук, 35 год, гадуе дачку: стала вядома асоба першага беларуса, які трапіў пад расійскую бомбу ў Корасцені

Чытайце: Ва Украіне пацярпелі два беларускія дальнабойнікі. Бамбілі з самалётаў, што прыляцелі з Беларусі

Станам на раніцу абодва беларусы знаходзіліся ў рэанімацыі бальніцы Корасценя. Пазней медыкі паведамілі сем'ям пацярпелых, што «адзін з беларусаў памёр». Але хто дакладна, пакуль немагчыма сказаць праз тое, што іх целы вельмі абгарэлі. Праз перабоі з сувяззю няма магчымасці пераўдакладніць, што цяпер з людзьмі. 

Дзмітрый Шылец

Вядома, што на пачатак вайны Дзмітрый аказаўся ў Кіеве, некалькі дзён стаяў там на базе, спадзеючыся, што хутка ўсё скончыцца. Але потым вырашыў рухацца ў бок Беларусі.

Далей Корасценя выехаць не змог — межы закрыты, не далі выехаць на блокпасце. Разам з таварышам Іванам Рогавым ён чакаў зялёнага калідору для выезду, мясцовыя жыхары дапамагалі беларускім хлопцам ежай. 

Дальнабойшчыкам, як кажуць сябры Дзмітрыя, ён працаваў «усё жыццё», апошні час — на сябе, як ІП. 

«Кожную раніцу мы з ім сазвоніваліся і спісваліся. Учора, акурат, апошні раз. Цяпер чытаю: «у сетцы быў 23 гадзіны таму», — кажа сябар Дзмітрыя.

«Раніцай мы забілі трывогу, бо ў сям'ю пазванілі дактары і далі нейкія абрыўкі інфармацыі, што была бамбардзіроўка, што ноччу удары прыйшліся па базе, дзе яны стаялі з Іванам, што ваенных там няма, што яны пацярпелі… Сям'я не ў сілах займацца пошукамі», — кажа сябр Дзмітрыя.

Па яго словах, Дзмітрый быў такога ж меркавання пра вайну, «як і ўсе нармальныя людзі». 

Дзяцей у Дзмітрыя Шыльца няма. 

Нагадаем, трагедыя адбылася на тэрыторыі былога малаказавода. У дванаццаць гадзін ночы 9 сакавіка пачаўся моцны абстрэл. 

Наступствы авіяудару

Па словах кіраўніка горада Уладзіміра Маскаленкі, горад бамбілі расійскія самалёты, якія вылецелі з беларускіх аэрадромаў.

«Вынікі абстрэлу з самалётаў вы можаце ўбачыць: фактычна разбураныя ўсе памяшканні. На жаль, ёсць загінулы, два чалавекі аказаліся ў бальніцы з вельмі значнымі апёкамі, якія не сумяшчальныя з жыццём, таму фактычна трое загінулых людзей. Два з іх — беларусы, якія машынамі стаялі тут, папрасіліся на перыяд, пакуль будуць выязджаць. І яны не ведалі, што якраз з беларускіх аэрадромаў выляцяць расійскія самалёты і будуць бамбіць горад Корасцень», — расказаў Уладзімір Маскаленка.

Арцём Гарбацэвіч