Пракуратура запатрабавала для Аляксея Навальнага 13 гадоў зняволення

Пракуратура запатрабавала для Аляксея Навальнага 13 гадоў зняволення і 2 гады абмежавання волі па справе аб махлярстве і абразе суда.

15.03.2022 / 12:58

Таксама пракурор запатрабаваў прызначыць Навальнаму штраф у 1,2 мільёна расійскіх рублёў (каля 10 тысяч даляраў).

Суд праходзіць у калоніі ў Пакрове ва Уладзімірскай вобласці, дзе Навальны адбывае тэрмін па справе «Іў Рашэ».

Навальнага абвінавачваюць па чатырох эпізодах асабліва буйнога махлярства і ў непавазе да суду.

Гаворка ідзе пра ахвяраванні на антыкарупцыйную дзейнасць Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК), а таксама праяве непавагі да суддзі падчас разгляду справы аб паклёпе на ветэрана Ігната Арцёменку.

Навальны і яго паплечнікі лічаць абвінавачванні абсурднымі.

Расійскі палітык Аляксей Навальны знаходзіцца за кратамі з 17 студзеня 2021 года. Ён быў затрыманы пасля вяртання ў Расію з Нямеччыны. Праз нейкі час яму замянілі ўмоўны тэрмін па справе «Іў Рашэ» на рэальны (2 гады і 8 месяцаў).

Nashaniva.com