У Краснапольскім раёне дзеці праваліліся пад лёд: 5-гадовая дзяўчынка патанула, яе малодшы брат — у бальніцы

У Магілёўскай вобласці брат і сястра без дарослых гулялі на рэчцы і праваліліся пад лёд. Дзяўчынку выратаваць не ўдалося.

16.03.2022 / 08:34

Фота: СК

Днём 15 сакавіка двое малых дзяцей гулялі на рэчцы Палуж недалёка ад свайго дома. Дзеці былі без бацькоў, паведамляе СК.

У гэты час на рэчцы знаходзілася жанчына, якая прала бялізну ў палонцы. Пажылая жанчына зрабіла дзецям заўвагу, але яны не рэагавалі і працягвалі катацца па лёдзе. У нейкі момант хлопчык праваліўся пад лёд. Дзяўчынка паспрабавала дапамагчы брату, але таксама апынулася ў вадзе.

Жанчына кінулася на дапамогу, але стала правальвацца пад лёд. Разумеючы, што з-за ўзросту, ёй адной не справіцца, яна пабегла па бацькоў дзяцей.

Маці, што прыбегла на месца, стала ныраць: яна дастала з вады спачатку сына, затым дачку. Відавочцы выклікалі хуткую.

Нягледзячы на намаганні дактароў, дзяўчынку выратаваць не ўдалося. Хлопчык з пераахаладжэннем шпіталізаваны.

Nashaniva.com