Пентагон: Расія выпусціла па Украіне 1080 ракет з пачатку вайны, яе наступленне забуксавала

У Пентагоне адбыўся чарговы ананімны брыфінг аб ходзе вайны ва Украіне. Сцісла яго можна падсумаваць так: за мінулыя суткі практычна нічога не змянілася, піша Бі-бі-сі.

18.03.2022 / 21:17

Пасля бамбавання гараць лакафарбавыя склады ў Сумах.

Прасоўванне расійскіх войскаў спынілася па ўсіх напрамках: яны застаюцца на ўсход і на паўночны захад ад Кіева, але не прасунуліся бліжэй (на ўсходзе яны за 30 км ад украінскай сталіцы). Да Харкава таксама не наблізіліся. Чарнігаў і Марыупаль ізаляваныя, але ўкраінцы працягваюць супраціўляцца. У Мікалаеве расійскія войскі таксама натыкнуліся на супраціў украінцаў і ўвайсці ў горад не могуць. Ніякіх новых манеўраў з боку мора ў Пентагоне таксама не назіраюць.

Барацьба за ўкраінскую паветраную прастору працягваецца: Расія яе не кантралюе, украінскія ВПС па-ранейшаму лётаюць, СПА працягвае супрацьдзейнічаць расійскім самалётам і ракетам.

Кажучы пра ракеты (напрыклад, тыя, якія прыляцелі сёння ў аэрапорт Львова), у Пентагоне падлічылі, што з пачатку ўварвання Расія выпусціла 1080 ракет вялікай далёкасці па ўкраінскай тэрыторыі.

Па ацэнцы Пентагона, у расійскай вайсковай групоўкі да гэтага часу застаецца каля 90% сілаў і сродкаў, сабраных да пачатку вайны.

Nashaniva.com