«Наша Ніва» здабыла праект дырэктывы Лукашэнкі па падтрымцы эканомікі. Радыкальныя меры

Праект дакумента, які мае працоўную назву «Аб удасканальванні сацыяльна-эканамічнай палітыкі», ляжыць на подпісе ў Аляксандра Лукашэнкі. Ëн з'явіўся як адказ на крытычную сітуацыю ў эканоміцы, якая чакае Беларусь, і ўтрымлівае радыкальна ліберальныя прапановы. Дакумент сапраўдны — «Нашай Ніве» вядома, хто яго рыхтаваў. Але гэта не азначае, што такая дырэктыва будзе падпісаная без зменаў ці ўвогуле падпісаная. Гісторыя краіны ведае прыклады, калі падрыхтаваныя ліберальныя дакументы адпраўляліся ў шрэдар. 

19.03.2022 / 12:43

Аляксандр Лукашэнка на спартовым мерапрыемстве. 27 лютага 2022 года. Скрыншот.

Большая частка нашых суразмоўцаў скептычна ацэньвае магчымасць падпісання дакумента ў такім выглядзе, адзначаючы, што ён супярэчыць логіцы сістэмы ў некаторых прынцыповых момантах. 

Аднак сам факт, што атачэнне Аляксандра Лукашэнкі просіць яго пагадзіцца на радыкальную лібералізацыю эканамічных правіл, красамоўны. 

Галоўныя прапановы такія: больш не садзіць за эканамічныя злачынствы, замарозіць выплаты па крэдытах для фізасоб на год, да 24 лютага 2023 года (аўтары прагназуюць, што крызіс будзе кароткачасовы, да года), дазволіць прадаваць дзяржаўную маёмасць без аукцыёну, дазволіць залічваць на рахункі грошы, у тым ліку валюты, без тлумачэння іх паходжання.

Сярод прапаноў таксама адмяніць планавую сістэму ацэнкі эфектыўнасці для дзяржаўных менеджараў, дазволіць аплочваць паслугі ў крыптавалюце, дазволіць выкарыстоўваць валюту гатоўкай для закупу сыравіны, замарозіць арэндныя плацяжы і іншае.

Nashaniva.com