Жыхарку Бабруйска аштрафавалі на 2240 рублёў за ўкраінскую стужку ў валасах

Суд у Бабруйску вынес рашэнне па адміністрацыйнай справе настаўніцы гісторыі сярэдняй школы № 27 Ларысы Секержыцкай, якая абвінавачвалася ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства, паведамляе «Вясна».

31.03.2022 / 16:10

Яе затрымалі 4 сакавіка наўпрост у школе. Падстава — у яе прычосцы прысутнічала жоўта-сіняя стужка. 

Суд пастанавіў, што стужкі ў валасы настаўніца павязала не для прыгажосці, а для «выказвання свайго грамадска-палітычнага настрою ў сувязі з тым, што адбываецца ва Украіне».

Гэтым самым педагог «спрабавала прыцягнуць да сябе ўвагу грамадзян» і «прыняла актыўны ўдзел у правядзенні масавага мерапрыемства ў выглядзе пікетавання».

Як вынік — штраф у 70 базавых велічыняў (2240 рублёў).

Nashaniva.com