Ваенкам Брэсцкай вобласці не змог растлумачыць, абломкі чаго ўпалі ўчора ў Столінскім раёне

Ваенны камісар Брэсцкай вобласці Алег Канавалаў не змог растлумачыць, што за абломкі ўпалі 7 красавіка недалёка ад вёскі Цераблічы ў Столінскім раёне. Каментар Канавалава апублікавала газета «Навіны Палесся».

08.04.2022 / 18:35

 «На дадзены момант адназначна нічога сказаць нельга. Вайскоўцы-мінёры в/ч 7404 абследавалі абломкі. Выбухованебяспечных рэчываў не выяўлена. Пагрозы для людзей ніякай. Цяпер працуе адпаведная група. Па выніках будзе зроблена адпаведнае заключэнне і дадзена інфармацыя», — сказаў Канавалаў столінскай раёнцы.

7 красавіка пасля 11:00 жыхары вёсак Цераблічы, Аздамічы і Альгомель на самым усходзе Столінскім раёне чулі моцны гул, а пасля выбух і бачылі дым. Пазней у сацсетках з'явіліся фатаграфіі абломкаў лятальнага апарата, знойдзеныя ў гэтым раёне. 

Паколькі дакладнай афіцыйнай інфармацыі няма, незалежныя СМІ і блогеры пакуль могуць толькі, раячыся з экспертамі, рабіць здагадкі.

Зразу, арыентуючыся па фатаграфіях, палічылі, што гэта можа быць малагабарытны турбарэактыўны рухавік серыі ТРДД (турбарэактыўны двухконтурны рухавік), які выкарыстоўваецца ў расійскіх крылатых ракетах тыпу «Калібр», Р-500 і іншых. 

Пасля ж у блогера Антона Матолькі прайшла інфармацыя, што на Століншчыне ўпала ці была збітая супрацькарабельныя ракета Х-35УЭ. Такія ракеты могуць несці на сабе знішчальнікі-бамбавікі Су-34. Незадоўга да выбуху было зафіксавана, што з вайсковага аэрадрома ў Баранавічах пайшлі на ўзлёт у бок Украіны два знішчальнікі. Таму выказваецца версія, што альбо ракета проста адвалілася ад знішчальніка, альбо пры запуску ўзніклі праблемы і ракета ўпала ў поле ў Беларусі.

Ракета Х-35УЭ і абломкі на Століншчыне

Nashaniva.com