«Подонки вонючие». Зяленскі даў прэс-канферэнцыю ў кіеўскім метро
Вось відэазапіс сустрэчы з журналістамі і асноўныя заявы, зробленыя на ёй.
24.04.2022 / 00:31
Пра ракетны ўдар па Адэсе
«Подонки вонючие» — прэзідэнт Зяленскі пра тых, хто аддаў загад бамбіць Адэсу напярэдадні Вялікадня.
«Тры месяцы дзіцяці — загінула. Ëй быў месяц, калі пачалася вайна. Проста нейкі жах. І ў гэтыя дні — ім увогуле на ўсё напляваць. Пра якога Бога яны гавораць? Пра якія каштоўнасці? Пра які «рускі свет»? «хрысціянскі свет»? На іх, як яны кажуць, «любімую Адэсу». Падонкі смярдзючыя», — не стрымаўся Зяленскі.
«З намі скончаць — за вас возьмуцца»
«Гэтую вайну нельга ні з якой параўнаць у ХХ стагоддзі, такой вайны яшчэ не было».
І, адказваючы на пытанне азербайджанскага журналіста, звяртаючыся да іншых суседзяў Расіі: «З намі скончаць — за вас возьмуцца».
Ультыматум Маскве
«Калі будуць знішчаныя нашы людзі ў Марыупалі, калі будзе абвешчаны рэферэндум на любых акупаваных тэрыторыях Украіны, Украіна выйдзе з любых перамоваў».
У той жа час прэзідэнт Украіны заявіў, што гатовы да дыпламатычнага, а не ваеннага рашэння канфлікту: «Я хачу сустрэцца з Пуціным, каб спыніць гэтую вайну».
Пра новыя візіты і магчымасць дэблакады Марыупаля
Заўтра Кіеў наведаюць дзяржаўны сакратар ЗША Блінкен і міністр абароны ЗША Осцін, паведаміў Зяленскі, раскрыўшы інфармацыю, якую амерыканскі бок трымаў у таямніцы.
На ваенную дэблакаду Марыупаля Украіна цяпер не здольная, — сказаў Зяленскі. — Украінскія вайскоўцы, якія там знаходзяцца, гэта разумеюць, гэта рэальнасць.
«Пад ударамі, нанесенымі з Беларусі»
«Першымі [падчас нападу Расіі 24 лютага] загінулі работнікі сувязі, пад ракетнымі ўдарамі, якія былі нанесеныя з тэрыторыі Беларусі», — адзначыў прэзідэнт Украіны.
Хто там шчаслівы?
«Забралі яны Прыднястроўе, забралі Абхазію, забралі Данбас. Што там — Ганконг? Што там — Дубай? Якая там цывілізацыя? Хто там шчаслівы?» — пра тэрыторыі, падкантрольныя Расіі.
Пра пастаўкі ўзбраенняў Украіне краінамі Захаду
«Што тычыцца паставак зброі, нам усё роўна, што думае з гэтай нагоды Расея. Хоць яны і самі нам шмат тэхнікі паставілі — мы памятаем, як яны кідалі ўзбраенне і ўцякалі».