Створаны функцыянал для дапамогі ў працаўладкаванні былых палітвязняў і іх сваякоў

Праваабарончая ініцыятыва dissidentby увяла на сваім рэсурсе функцыянал дапамогі тым, хто пацярпеў у Беларусі ад крымінальнага палітычнага пераследу з боку дыктатуры. Ён даступны як для былых палітвязняў, так і іх найбліжэйшых сваякоў (калі сам вязень у зняволенні).

28.04.2022 / 21:25

Праваабаронцы канстатуюць, што крымінальны пераслед наносіць цяжкі ўдар па псіхічным і фізічным здароўі чалавека, здольны паставіць на мяжу выжывання сям'ю дысідэнта або нават разбурыць яе. Неад'емнай часткай рэпрэсій з'яўляецца спроба вырваць чалавека з соцыума, пазбавіць магчымасці атрымліваць адукацыю, працаваць, самарэалізоўвацца ў розных сферах.

А паколькі так званы «воўчы білет» часцяком стварае велізарныя цяжкасці ў рамках банальнага працаўладкавання для былых палітычных зняволеных ці членаў іх сем'яў, то ім вырашылі па меры магчымасці супольнымі высілкамі дапамагаць. 

«Пакідайце свае рэзюмэ ў адпаведным раздзеле, дзе мы і ўсе неабыякавыя людзі змогуць адгукнуцца і прапанаваць дапамогу, бо галоўны прынцып нашай працы — гарызантальнае супрацоўніцтва і салідарнасць» — заклікае ініцыятыва.

Nashaniva.com