Мэр Харкава: Расійскія войскі сапраўды адступаюць

Расійскія войскі аказаліся няздольныя ўзяць штурмам Харкаў. Яны пакідаюць ваколіцы горада, рухаючыся ў бок расійска-ўкраінскай мяжы. Пра гэта паведаміў кіраўнік гарадской адміністрацыі Ігар Церахаў у інтэрв'ю Бі-бі-сі.

14.05.2022 / 18:04

Вынікі аднаго з расійскіх абстрэлаў Харкава. Фота Андрэя Марыенкі

Мэр Харкава падкрэсліў, што ворагу толькі аднойчы ўдалося заняць невялікую частку горада, і прабыў ён там нядоўга. Пяць дзён таму акупанты ў апошні раз запусцілі ракету ў раён харкаўскага аэрапорта, аднак яна была збітая сіламі СПА Украіны.

«Рускія вялі пастаянныя артабстрэлы Харкава, паколькі стаялі вельмі блізка ад горада. І дзякуючы намаганням харкаўскай тэрабароны і УСУ расіяне адышлі далёка ад тэрыторыі горада ў напрамку расійскай мяжы», — заявіў Церахаў.

Паводле яго слоў, цяпер у горадзе ціха і людзі паступова вяртаюцца назад. У той жа час у выніку расійскай агрэсіі многія жылыя будынкі разбураныя або пашкоджаныя, таму ў будучыні прыйдзецца праводзіць вялікую рэканструкцыю, дадаў ён.

Паведамленні аб адводзе войскаў РФ ад Харкава паступалі раней і ад іншых крыніц. Па дадзеных Генштаба УСУ, сілы ворага сканцэнтраваныя на ўтрыманні занятых пазіцый і маршрутаў забеспячэння на Харкаўскім кірунку. Асноўная мэта — усталяванне поўнага кантролю над тэрыторыяй Данецкай, Луганскай і Херсонскай абласцей.

Журналісты газеты The New York Times пішуць, што паражэнне пад Харкавам — гэта другое буйное паражэнне рускай арміі пасля яе адступлення з-пад Кіева ў мінулым месяцы.

Nashaniva.com