Упершыню за доўгі час Расія дазволіла эвакуявацца сотням жыхароў Марыупаля і Севераданецка

У суботу з акупаванага расійскімі войскамі Марыупаля ўпершыню за доўгі час выехала эвакуацыйная калона з больш чым 500 аўтамабіляў, паведаміў дарадца мэра горада. Паводле яго слоў, гэтая калона чакала дазволу на выезд тры дні. Таксама ўдалося выехаць і 17 жыхарам Севераданецка.

14.05.2022 / 22:11

Жыхары Севераданецка сядаюць у аўтобус. Фота з тэлеграм-канала Сяргея Гайдая

«Велізарную калону аўтамабіляў з марыупальцамі (ад 500 да 1000 аўтамабіляў), якія чакалі пропуску больш за тры дні, нарэшце прапусцілі ў Запарожжа. Нарэшце, чакаем нашых родных марыупальцаў дома», — паведаміў у сваім телеграм-канале дарадца мэра Марыупаля Пятро Андрушчанка.

Адначасова з гэтым упершыню за доўгі час змаглі эвакуявацца і жыхары Севераданецка, паведаміў кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

«На працягу доўгага перыяду эвакуацыя з Севераданецка была вельмі небяспечнай. І вось нарэшце атрымалася! 17 жыхароў горада ўжо ў бяспецы. Сярод іх і трое дзяцей», — паведаміў Гайдай.

Nashaniva.com