Выйшаў на волю Ігар Мыслівец, яшчэ адзін асуджаны па «справе цюкоў»

Сёння з магілёўскай турмы №4 выйшаў палітзняволены фігурант «справы размаляваных цюкоў з саломай» Ігар Мыслівец, паведамляе «Вясна». Нядаўна з гомельскай калоніі выйшла таксама асуджаная з ім па адной справе Алена Дзядзюля.

16.05.2022 / 21:06

Суддзя Вікторыя Суднік 31 студзеня прызнала фігурантаў рэзананснай «справы размаляваных цюкоў з саломай» вінаватымі па ч. 2 арт. 339 КК (Хуліганства групай асобаў) і прызначыла ўсім яе фігурантам, акрамя Кацярыны Арыка, год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Такое пакаранне атрымалі Андрэй Арыка, Максім Дубешка, Аляксандр Бабко, Вольга Дубовік, Алена Дзядзюля, Ігар Мыслівец. Кацярыну Арыка асудзілі да 1,5 года «хатняй хіміі» і вызвалілі ў залі суда. 

На судзе стала вядома, што на поле сілавікі прыехалі з аўтаматамі, супрацоўнікі на затрыманых малявалі свастыку, некаторых збівалі. Таксама, па словах абвінавачаных, акцыю, па сутнасці, арганізаваў «невядомы хлопец», які прапаноўваў абвінавачаным у тэлеграме размаляваць цюкі пад Дзяржынскам. Сярод затрыманых яго не аказалася.

Nashaniva.com