«Гучна выкрыкваў лозунгі, перашкаджаў руху транспарту»: жыхара Жлобіна асудзілі на паўтара года

Суд Жлобінскага раёна разгледзеў справу Аляксандра Кастэнкі: яго абвінавацілі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак альбо актыўны удзел ў іх).

19.05.2022 / 15:16

Суд Жлобінскага раёна

Справу разглядала суддзя Наталля Качалава.

Да суда мужчына знаходзіўся пад вартай у СІЗА №3, меў адтэрміноўку ад адбыцця пакарання па іншым артыкуле.

Паводле матэрыялаў абвінавачвання, Аляксандр Кастэнка 9 жніўня 2020 года выйшаў на праезную частку аўтамабільнай дарогі ў Жлобіне, «дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена ў групе з іншымі асобамі, перашкаджаў руху грамадскага і іншага транспарту, гучна крычаў, выкрыкваў розныя лозунгі, адмаўляўся ад выканання законных патрабаванняў прадстаўнікоў улады, заклікаў да спынення выканання супрацоўнікамі АУС сваіх службовых паўнамоцтваў, у тым ліку па ахове грамадскага парадку, што прывяло да парушэння нармальнай працы транспарту і гандлёвага аб'екта».

Прысудам суда абвінавачаны Кастэнка прызнаны вінаватым у прад’яўленых яму супрацьпраўных дзеяннях.

Яму прызначаны адзін год і 6 месяцаў у калоніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».

Nashaniva.com