Ціханоўскай, Калеснікавай і Цапкала 25 мая ўручаць прэстыжную міжнародную прэмію імя Карла Вялікага

Святлане Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Вераніцы Цапкала 25 мая ўручаць прэстыжную міжнародную прэмію імя Карла Вялікага.

23.05.2022 / 14:14

Яна прысуджаецца ім за мужнасць, праяўленую ў барацьбе супраць рэпрэсіўнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цырымонія адбудзецца 25 мая ў нямецкім горадзе Ахен, у каранацыйным зале ратушы. Марыю Калеснікаву на ўзнагароджанні будзе прадстаўляць яе сястра Таццяна Хоміч. З прамовай выступіць міністарка замежных спраў Германіі Аналена Бербак. Поўная праграма цырымоніі выкладзена тут.

Увечары ў горадзе бясплатны канцэрт дасць Лявон Вольскі. 

Міжнародная прэмія імя Карла Вялікага ўручаецца з 1950 года за ўнёсак у аб'яднанне Еўропы. Прысуджае яе нямецкі горад Ахен. У розныя гады прэмію атрымлівалі такія вядомыя дзеячы, як Ангела Меркель, Эмануэль Макрон, Даля Грыбаўскайце, папа Францыск.

Nashaniva.com