Апазіцыя ў Арменіі заблакавала прэзідэнцкі палац

У Арменіі працягваюцца акцыі пратэсту. Сёння раніцай прыхільнікі руху «Супраціў» заблакавалі палац прэзідэнта. Яны паслядоўна блакуюць розныя ведамствы. Так учора блакаваўся будынак МЗС.

25.05.2022 / 08:39

Вакол палаца выстраіліся паліцэйскія. Пратэстоўцы абкружылі іх. Учора апазіцыя блакавала ўваходы ў Міністэрства замежных спраў. Акцыя працягвалася некалькі гадзін.

«Наша мэта — каб ніводзін супрацоўнік не ўвайшоў у прэзідэнцкі будынак. Чаму мы заблакавалі прэзідэнцкі палац? — бо працэс ідзе ў краіне ўжо месяц, гэта агульнанацыянальны рух, і чалавек, які сядзіць тут, адарваны ад рэальнасці», — заклікаў сваіх прыхільнікаў віцэ-спікер Нацыянальнага сходу, дэпутат ад фракцыі «Айастан» Ішхан Сагацелян, паведамляе News.am.

Армянская апазіцыя хоча дамагчыся адстаўкі прэм'ер-міністра Нікола Пашыняна. Яна не згодная з яго палітыкай у сферы ўрэгулявання карабахскага канфлікту і прымірэння з Азербайджанам.

Nashaniva.com