Масква занепакоеная павышэннем статусу абхазскай мовы ў Абхазіі

Старшыня камітэта Думы па справах СНД Леанід Калашнікаў на пасяджэнні камітэта раскрытыкаваў праект паправак у закон аб выбарах дэпутатаў парламента Абхазіі, якія прадугледжваюць валоданне абхазскай мовай у якасці абавязковага патрабавання да кандыдатаў.

26.05.2022 / 16:18

«Мы заклапочаныя інфармацыяй аб распрацоўцы заканадаўства, фармальна накіраванага на падтрымку абхазскай мовы, а на справе вядзе да дыскрымінацыі рускай мовы», — сказаў старшыня камітэта Дзярждумы РФ па справах СНД Леанід Калашнікаў, яго цытуе «Інтэрфакс».

Па словах Калашнікава, «падобныя ініцыятывы могуць пацягнуць абвастрэнне міжэтнічных супярэчнасцяў з улікам статусу рускай мовы як дэ-факта сродку міжнацыянальных зносін».

Калашнікаў таксама спаслаўся на Украіну для тлумачэння магчымых наступстваў такога кроку: вопыт Украіны паказвае, як велізарнае назапашанае ўзаемадзеянне «выбухае адным толькі павярхоўным падыходам менавіта ў гэтай галіне».

Nashaniva.com