Па справе Сафіі Сапегі прызнаныя пацярпелымі 223 чалавекі

Родныя асуджанай расіянкі Сафіі Сапегі далі ў распараджэнне рэдакцыі «Зеркала» рэзалютыўную частку прысуду. З яе стала вядома, што пацярпелымі па справе Сапегі, асуджанай да шасці гадоў калоніі, прызнаныя 223 чалавекі.

26.05.2022 / 16:12

78 з 223 пацярпелых дзяўчына павінна выплаціць грашовую кампенсацыю маральнай шкоды. Як ацэньвалі маральную шкоду ў кожным канкрэтным выпадку, невядома, але сумы адрозніваюцца.

12 пацярпелым прызначылі сумы ў 1000, чатыром — па 1500, 42-па 2000, аднаму — 2500, 16 — па 3000 і тром — па 5000 рублёў. Агульная сума іскаў — 167 500 рублёў.

На пагашэнне грамадзянскіх іскаў Сапезе адведзены адзін месяц.

Напярэдадні стала вядома, што абарона Сафіі Сапегі не стала абскарджваць прысуд і ён уступіў у законную сілу. Родныя дзяўчыны паведамілі, што будуць падаваць хадайніцтва аб памілаванні, але спачатку неабходна пагасіць усе іскі.

«Да справы Сапегі такіх маштабных прысудаў, па колькасці пацярпелых і памеры прысуджанага штрафу, не было. У бацькоў няма грошай, каб пагасіць гэтыя іскі», — заяўляў пасля вынясення прысуду адвакат сям'і Сафіі Сапегі Антон Гашынскі.

Nashaniva.com