Індыйская кампанія адкрыла рахунак у рупіях для аплаты беларускага калію. Але карыстацца ім не так проста

Кампанія Indian Potash Ltd (IPL) адкрыла рахунак у рупіях у расійскім Сбербанку, каб аплачваць пастаўкі беларускага калію. Пра гэта са спасылкай на ўласныя крыніцы піша агенцтва Reuters.

06.06.2022 / 17:17

Рахунак быў адкрыты на пачатку лютага па запыце Беларускай калійнай кампаніі. Пасля гэтага на яго быў пералічаны першы плацеж на 23 мільёны даляраў у эквіваленце, аднак расійскі Сбербанк да гэтага часу не змог яго апрацаваць, вынікае з ліста IPL на адрас банка.

У дакуменце ад 23 мая гаворка ішла пра тое, што толькі «нязначная» сума ў рупіях была канвертаваная ў рублі для аплаты беларускага калію.

Паводле інфармацыі крыніцы Reuters, на завяршэнне транзакцыі паўплывалі ўведзеныя супраць Расіі санкцыі, а дакладней, адключэнне банкаў ад SWIFT. Па словах трох крыніц агенцтва, урад Індыі «будзе праяўляць асцярожнасць пры стварэнні любога механізму плацяжоў у рублях і рупіях да таго часу, пакуль ва Украіне ідуць жорсткія баі».

У снежні 2021 года ЗША ўвялі санкцыі супраць Беларускай калійнай кампаніі, а Еўрасаюз нядаўна таксама ўвёў абмежаванні супраць «Белкалія» і яго трэйдара БКК.

Nashaniva.com