Лукашэнка: Расія дасць Беларусі 1,5 млрд даляраў на імпартазамяшчэнне

Расія выдзеліць Беларусі $1,5 млрд на ўдзел у праграмах імпартазамяшчэння, паведаміў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з губернатарам Курскай вобласці Раманам Старавойтам, паведамляе БелТА.

09.06.2022 / 13:13

Фота: AP

«З нашага боку мы прапанавалі расіянам канкрэтныя праекты, якія вельмі патрэбныя і будуць найбліжэйшым часам запатрабаваныя не толькі ў Беларусі, але і ў Расійскай Федэрацыі. Расіяне выдзяляюць каля паўтара мільярдаў даляраў на гэтыя праграмы толькі на тэрыторыі Беларусі. Мы разумеем, што без імпартазамяшчэння, асабліва па крытычных галінах, так званага крытычнага імпарту, нам будзе вельмі складана развівацца», — сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што такое рашэнне было прынятае сумесна з Уладзімірам Пуціным.

Ён таксама паведаміў, што Беларусь гатовая развіваць гандаль з Курскай вобласцю і рэалізоўваць там праекты пад ключ. «Мы гатовыя аказваць вам паслугі па капітальным рамонце жылля, праектаванні, правядзенні інжынерных пошукаў. Гатовыя будаваць пад ключ. Гатовыя пастаўляць ліфтавае абсталяванне» — растлумачыў Лукашэнка.

Ён дадаў, што Беларусь зацікаўленая ў пастаўках у рэгіён кар'ернай тэхнікі, грузавых аўтамабіляў, сельгастэхнікі, будаўнічай і дарожнай тэхнікі.

Nashaniva.com